|
1. Я лічу маніпуляцыяй мэтанакіраванае ўвядзенне ў зман аўдыторыі шляхам падачы скажонай інфармацыі для фармавання пэўнага ўражання. Канкрэтна маніпуляваннем магу назваць:
1.1. Фільм Ігара Сабко, калі на пяцідзесятнікаў пераносіцца віна жанчыны, якая забіла свайго дзіцёнка, і робіцца выснова пра ўсіх пяцідзестянікаў аб іх благім уплыве на грамадства і людзей. Паўтару, што можно было б зняць падобны фільм пра тое, як румынская праваслаўная манахіня забіла лідэра супольнасці Тэзэ брата Ражэ (Шуца). У гэтым фільме асноўныя сведчанні браліся ў бабулек і малалетніх дзяцей, а таксама мясцовага галавы. Любы дзіцёнак мог ад першага ўражання ад праваслаўных таксама расказваць "Нешта ў іх там дзіўнае, ходзяць туды-сюды, машуць нейкай штукай, адзеты незразумела, на каленях стаяць, робяць нейкія незразумелыя рухі рукамі перад сабой, вочы заплюшчваюць і падвываюць хору". Праўда, прыемна было б такі фільм глядзець??? + Прыклады там прыводзяцца пра розныя рэлігійныя арганізацыі, у тым ліку святкаванне Івана Купалы, у выніку якога загінула 82 чалавекі (патанулі ў рацэ). Па гэтай логіцы, калі сёння наш праваслаўны хрышчаны народ "набярэцца" і палезе ў Свіслач купацца, трэба будзе прызнаць, што вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - дэструктыўнае свята.
1.2. Выступ Уладзімера Марціновіча (хаця я чакала горшага, але ён прагрэсуе), дакладней дэманстрацыя відэазапісаў РАДЫКАЛЬНЫХ ХАРЫЗМАТАЎ, а зусім і не пяцідзесятнікаў. Многія пяцідзесятнікі самі крытычна ставяцца да служэнняў Лядзяева і Сандэя. І яшчэ раз паўтараю, гэта былі спецыяфічныя служэнні экзарцызму - ён крычаў "я разбураю клятвы", "вызваляю цябе" і г.д. На праваслаўных сеансах экзарцызму таксама людзі прыяжджаюць часта адны і тыя ж. Вы ніколі ў Пачаеве не былі? Раю з'ездзіць і напісаць пра секту "Пачаеўская Лаўра". Уж паверце, выглядае ўсё куды жахлівей. А ўжо ўспамінаць пра выганнне дэманаў - тады чаму б не ўспомніць замест пяцідзесятнікаў праваслаўную румынскую манахіню, якую замучылі пры выгнанні бесаў да смерці яе браты і сёстры.
Дэманстрацыя фільмаў пра Аранжавую рэвалюцыю - таксама не аргумент. Такі самы фільм зняў і Ўкраінскі Каталіцкі Ўніверсітэт, такая сабе нармальная грэка-каталіцкая кантора. Палітызацыя, гаворыце? Думаю, праваслаўным тут трэба заткнуцца і на сябе зірнуць - уж у каго палітызацыя зашкалівае.
1.3. Выступ Агеенкавай, наконт "адыкцыі" пяцідзесятнікаў да "гласалаліі". Шчаслівыя людзі! Ім пастаянна хочацца маліцца, яны да гэтага адчуваюць пастаянную цягу. Гэта ж тое, да чаго і нас заклікаюць святыя айцы: маліцца, пастаянна маліцца. Ісіхасты Ісусаву малітву для чаго паўтараюць і нам раюць - каб мы не толькі розумам, але і ўсёй сваёй істотай, усім сваім целам зрасліся з гэтай малітвай, каб яна ўвайшла ў нашае сэрца. І няпраўда, што ўсе пяцідзесятнікі прама-такі дасягнулі ўжо "адыкцыі". У іх таксама ёсць аскетыка, яны таксама вучацца маліцца, яны таксама часта прымушаюць сябе, ім таксама лезуць у час малітвы розныя "левыя" думкі ў галаву. Няпраўда, што яны проста ўвесь час "балбочуць". Гэта АБСАЛЮТНАЯ няпраўда. Яны моляцца словамі, словамі праслаўляюць Бога, Хрыста, дзякуюць Яму, потым у нейкі момант у іх пачынаецца "гласалалія". Наконт "кайфу" пяцідзесятнікаў могуць папракаць толькі тыя, хто ні разу не бачыў нашых праваслаўных людзей, калі і пырскаюць асвечанай вадой - у іх тады таксама "гласалалія" атрымліваецца. Ну давайце і іх тады запішам у "залежных". Да гласалаліі вярнуся ў іншым пункце. Цяпер зноў Агеенкава - выпадак пра салігорскага пяцідзесятніка, які памёр ад цыроза. Гісторыю гэтую я бачыла па тэлебачанні. Ейны сюжэт такі: хлопец паміраў ад цырозу (а я Вам скажу, цыроз - цяжка паддаецца лячэнню, хіба што трансплантацыя печані, пячонак не хапае, аперацыі рэдкія, хворыя знаходзяцца ў вельмі цяжкім псіхалагічным стане, ім баліць), а гэты хлопец паміраў у спакоі, казаў, што радуецца хуткай сустрэчы з Нябесным Айцом, ягоныя сябры-пяцідзесятнікі прыходзілі і падтрымлівалі яго малітвамі і спевамі. А маці гэтага хлопца была незадаволеная: ах, яны радуюцца, а тут плакаць трэба, раз яны не плачуць, значыць, яны жадаюць яму смерці. (Гісторыя пра атручанае сала ўжо пазней вылезла). Вы толькі падумайце!
1.4. Ніна Чайка таксама не дагаворвала пра свае судовыя працэсы. Яна сапраўды распаўсюджвала ў смі непраўдзівую інфармацыю пра пяцідзесятнікаў, і яны, як законапаслухмяныя грамадзяне, звярнуліся ў суд. Спадарыні чамусьці хавалі сапраўдныя прычыны ўзбуджэння справаў, выкладалі сваю пазіцыю тэндэнцыйна, і забыліся згадаць, што справы тычыліся "распаўсюду інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці і бэсціць рэпутацыю хрысціян веры евангельскай", прычым гэтыя зыскі былі ЗАДАВОЛЕНЫЯ СУДОМ. І гэта адна з прычынаў, чаму Ніна Чайка больш не працуе ў "Народнай газеце".
1.5. Выступ Уладзімер Марціновіча наконт лічбаў па колькасці пяцідзесятнікаў у РБ. Возьмем простую арыфметыку і параўнаем іх з колькасцю "членаў праваслаўнай царквы". 20 чалавек зарэгістраваныя ў кожным прыходзе памножым на 1500 прыходаў, атрымаем 30 тыс. чалавек. Возьмем і статыстыку дзяцей, якія вучацца ў нядзельных школах - думаеце, атрымаецца нашмат больш за 13,5 тысячаў? Ці на 2 мільёны жыхароў Менску возьмем тых праваслаўных, якія наведваюць пасхальнае богаслужэнне - нават калі такіх 50 тыс., то памножым на 5 (каб атрымаць 10 млн.) - атрымаем 250 тыс. праваслаўных па Беларусі. Лічбы - гэта наогул - вялікае поле для маніпуляцый.
2. Вярнуся да гласалаліі - дадзеная з'ява характэрная не толькі для пяцідзесятнікаў, але і для лютэранаў і каталікоў. Ёсць і праваслаўныя, якія практыкуюць гэтую духоўную практыку. У Чырвоным касцёле ў Мінску пастаянна праводзяцца харызматычныя богаслужэнні - цяпер каталікоў забараняць? Каталіцкі рух Неа-Катэхуменат, у прыватнасці, які адной з задачаў ставіць больш адказнае і больш рэфлексіўнае, свядомае стаўленне да сваёй веры і традыцыі - таксама спрычыніўся распаўсюду харызматычных практыкаў. Той, хто кажа пра прывыканне, лепей бы разабраўся з нашым праваслаўным "прывыканнем" да чаго-небудзь. У самы звычайны Вялікі пост кожны праваслаўны заўважае, да чаго ў яго звычка. Праз гласалалію пяцідзесятнікі часта робяць тое, што мы робім праз малітваслоў - запальваюць сваё сэрца для малітвы. Для нас такім сродкам служаць словы Святых, якія мы бясконца паўтараем, той жа "Госпадзе памілуй" 40 разоў, мы робім паклоны, знакі крыжа, таксама стараючыся "настроіцца" на малітоўны лад. У нас такі спосаб. Многія харызматы настройваюцца на малітоўны лад, паўтараючы словы "Алілуя, Слава Табе, Ісус", "Алілуя", а таксама ўспамінаючы ўрыўкі "гласалалій", такім чынам яны канцэнтруюцца на аб'екце свайго паклалнення, на Богу, стараюцца перамагчы ўсе "левыя" думкі, якія бударажаць сэрца, сфакусавацца на духоўным. Некаторым дапамагае маўчанне, некаторым - гласалалія. Дарэчы, ці не падкажыце мне, навошта праваслаўныя манахі, у прыватнасці АФОНСКІЯ, распяваюць гласалаліі - ананейкі, тэрырэмкі? Хто быў на Кіпры ў праваслаўным летніку а.Георгія Антаніу (а я там была, мяне прот. Георгі Латушка туды адпраўляў), дык вось, у час прычашчэння святара мясцовы хор таксама спяваў розныя пабожныя спевы, якое ж было маё здзіўленне, калі я пачула самую натуральную гласалалію. Гэта была адна з ананеек - спева, які складаецца з распявання складоў "а", "на", "ней" і пад. "Тэм-тэ-ры-рэм там тэм-тэ-ры-рэм" - так спяваюць праваслаўныя манахі, у мяне цэлы дыск з Афону ёсць. Прапануеце выкінуць яго? Назавеце "беспарадачным прыпадкам"? Не шмат на сябе бярэце?
3. Што тычыцца формы пратэстанцкага богаслужэння, то паводле аднахвіліннага запісу нічога сказаць нельга. Пратэстанцкае богаслужэнне мае класічную структуру - малітва, спевы, пакланенне, чытанне Бібліі, казань, часам - вызнанне сваіх грахоў, пакаянне. Канцэртам умоўна можна назваць частку "спевы" і "пакланенне", аднак гэта не канцэрт, "хор" ці "група праслаўлення" проста вядзе малітву ў спеве. Астатнія падпяваюць - для гэтага ёсць праектары і на экран падаецца тэкст песні. Тое, што мы бачылі ў запісе, дзе быў пастар Лядзяеў, гэта была досыць экзальтаваная малітва пад музыку. Музыка проста стварала пэўны настрой для малітвы, узбуджала пачуцці. Гэта ніякі не канцэрт.
4. Ну і запрашаю Вас наведаць "праваслаўна-пяцідзесятніцкі" дыялог, хутка праанансую месца і час правядзення. Там можна будзе пагаварыць з жывымі людзьмі і падзяліцца сваімі ўражаннямі, даведацца, што яны сапраўды маюць на ўвазе. Бо пяцідзесятнікі пра нас ведаюць гэтак жа мала, як і мы пра іх. Многія ўпэўненыя, што праваслаўныя залежаць ад другасных рэчаў - "што бацюшка скажа", "якой іконцы памаліцца", часта яны ўпэўненыя, што іконы для нас - ідалы, а праваслаўныя - не хрысціяне, а ідалапаклоннікі, амаль не зацікаўленыя ў Хрысце, а толькі ва ўласным дабрабыце - куды свечку паставіць, каб грошы былі. Яны таксама думаюць, што ў нас магічнае стаўленне да многіх дзеянняў, што мы робім тое, чаго не разумее, але залежым ад гэтага.
_________________ хай адчуюць як сэрца начамі...
|